23 сакавіка, Тбілісі /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. У развіцці супрацоўніцтва з Грузіяй адзін з галоўных акцэнтаў трэба зрабіць на падрыхтоўцы кадраў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні былі падпісаны гістарычныя дамоўленасці, і яшчэ раз падкрэсліў актыўную ролю грузінскага боку ў развіцці адносін. "Мы дамовіліся, што не проста будзем гандляваць, не проста ствараць сумесныя прадпрыемствы, але мы дамовіліся вучыць людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Мы шырэй гэта будзем рабіць настолькі, наколькі вам гэта патрэбна. Можна прадаць тэхніку, тэхналогіі сюды прывезці, але калі кампетэнцыі не будзе ў мясцовых людзей менавіта гэтым займацца, перспектыў мала", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама лічыць важным пры стварэнні сумесных прадпрыемстваў развіваць лакалізацыю. І для гэтага таксама патрэбны падрыхтаваныя кадры. "Таму галоўнае, аб чым мы дамовіліся, што следам за тэхналогіямі павінны ісці людзі, якіх неабходна падрыхтаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь таксама гатова дапамагчы Грузіі ў развіцці сельскай гаспадаркі, у тым ліку сучаснымі тэхналогіямі, ствараючы навуковыя цэнтры.