14 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам рэспубліканскіх фінальных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"У нашай краіне гэта цудоўнае свята дзіцячага хакея праводзіцца ўжо дваццаты раз. З кожным годам расце майстэрства каманд-удзельніц, усё больш вострая і цікавая барацьба на лядовых пляцоўках", - гаворыцца ў прывітанні.
Як лічыць Прэзідэнт, хакейныя турніры - гэта заўсёды яркая, незабыўная падзея. Прадэманстраваўшы сілу і волю да перамогі ў час раённых, гарадскіх і абласных этапаў, у фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў выйшлі лепшыя каманды.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі развіццю дзіцячага спорту ўдзяляецца вялікая ўвага, а здароўе нацыі з'яўляецца адным з важнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што такія мерапрыемствы, як "Залатая шайба", стануць яшчэ больш масавымі і ўнясуць значны ўклад у прапаганду фізічнай культуры і здаровага ладу жыцця.