30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трэба ўзмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба ўзмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Мясцовыя ўлады адыгрываюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэта сфера - і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў - будуць з'яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, а ў горшым - перастане займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што некалькі гадоў таму яго ўсе пераконвалі ў магчымасці сумяшчаць на раённым узроўні кіраўніцтва спортам і адукацыяй. Цяпер ад гэтага адмаўляюцца. "Трэба знайсці разумныя рашэнні", - паставіў задачу Прэзідэнт.
На яго думку, перад прыняццем канчатковага рашэння можна паглядзець на вопыт кіравання ў сферы аховы здароўя. Так, ёсць прапановы на раённым узроўні ўскласці пытанні спорту на вядучую спартыўную школу.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што арганізацыя спартыўнай дзейнасці ў рэгіёнах дае магчымасць умацаваць нацыянальныя чэмпіянаты, а затым больш разумна падыходзіць да адбору ігракоў у зборныя. Прэзідэнт заўважыў, што хакейная сфера адстае па гэтых напрамках, але прывёў у прыклад поспехі ў гандболе на айчынным узроўні.
"Перш, чым крытыкаваць зборную, кіраўнікі, трэнеры клубаў павінны задаць сабе пытанне, а што яны зрабілі для падрыхтоўкі спартсменаў", - падкрэсліў ён.