25 верасня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Развіццё вытворчай кааперацыі павінна стаць ключавой тэмай супрацоўніцтва Беларусі і Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Рамзанам Кадыравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ключавой тэмай двухбаковага ўзаемадзеяння павінна стаць вытворчая кааперацыя, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Гэта найбольш развітая,узаемавыгадная форма супрацоўніцтва, якая дае магчымасць забяспечыць патрэбнасці рэгіянальнага рынку, а таксама стварыць высокатэхналагічныя рабочыя месцы.
"Я вельмі вас падтрымліваю, вы малайцы, што арыентаваны менавіта на высокія тэхналогіі - гэта заўтрашні дзень. Калі б вы арыентаваліся на сённяшні дзень - праз год-два былі б у хвасце, а так замахнуліся на вельмі сур'ёзныя праекты, і мы гатовы ўдзельнічаць, шукаць сваё месца ў іх", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў магчымасці пашырэння кааперацыі з улікам запуску ў Чачэнскай Рэспубліцы аўтамабільнай вытворчасці. "У нас ёсць прадпрыемствы, якія маюць вопыт супрацоўніцтва з Расіяй, дапусцім, "Аўтакампаненты". Мы можам супрацоўнічаць з вамі. Вядома, вы можаце гэтыя аўтакампаненты, шчыра кажучы, купіць у любой краіне, з любым бізнесменам дамовіцца. Але мы вам гарантуем не толькі якасць і цану, але і сур'ёзнейшую абавязковасць. У нас дзяржава адказвае за такія рэчы", - сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наяўнасць абавязковага партнёра - немалаважнае пытанне. Напрыклад, Беларусь, супрацоўнічаючы з несумленнымі бізнесменамі, страціла сотні мільёнаў долараў. "З вамі ў нас няма праблем, таму што ў вас дзяржаўная структура мае моцную ўладу, вельмі моцны ўплыў на ўсе сектары. Гэтак жа і ў нас", - дадаў Прэзідэнт.
Ён прапанаваў развіваць узаемадзеянне ў машынабудаванні, у гэтай сферы Беларусь была вядучай рэспублікай яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Перспектыўнай галіной з'яўляецца і нафтахімічная прамысловасць. "Можам прапанаваць свае паслугі, калі вы яшчэ глыбока займаецеся пытаннямі здабычы нафты, перапрацоўкі. Наша кампанія "Беларуснафта" працуе ў многіх частках свету", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівая ўвага была звернута на вытворчасць пасажырскай і камунальнай тэхнікі. "Паглядзіце - калі вам спадабаецца, паспрабуйце і ў сябе. Можам стварыць сумесную вытворчасць і з вамі вырабляць гэту тэхніку", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускія спецыялісты таксама могуць падключыцца да развіцця ў Чачэнскай Рэспубліцы сельскай гаспадаркі і вёскі ў цэлым. "Каўказ заўсёды славіўся ўзроўнем развіцця вёскі. Я ўпэўнены, на Каўказе вёска заўсёды будзе існаваць, будзе жыць. Можа, што-небудзь вы знойдзеце і ў нас карыснае", - дадаў Прэзідэнт.
Асобную ўвагу трэба ўдзяліць развіццю турызму, лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Мы для вас абсалютна адкрытыя: глядзіце, вывучайце. Нешта нам падкажаце, нешта мы вам падкажам. Але гэты візіт павінен быць пачаткам добрага супрацоўніцтва з вашым рэгіёнам", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.