17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выстаяла ва ўмовах санкцыйнага націску. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Гомелі, сустракаючыся з працоўным калектывам вытворчага аб'яднання "Крышталь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што калі ёсць прадавец і пакупнік, то ніякія санкцыі не перашкодзяць. "Санкцыі санкцыямі, а бізнес - бізнесам", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што забараніў ва ўрадзе нават гаварыць аб санкцыях. "Гэта расслабляе людзей, і потым на санкцыі можна зваліць усё. Гэта расслабіла б краіну, - сказаў ён. - Так, няпроста, цяжка. Але мы выстаялі. У нас ёсць куды прадаць нашу прадукцыю. Гэта самае галоўнае".
Прэзідэнт таксама нагадаў аб задачы па імпартазамяшчэнні - рабіць сваё, і гэтаму ў Год якасці (2024) нададуць павышаную ўвагу.
"Мы даціснем. У будучы год - Год якасці - мы прымусім усіх якасна працаваць. Хто хоча, і хто не хоча. Ну а хто злодзей, жулік, прайдоха - будзе як з малочнікамі. Ніхто цырымоніцца ні з кім не будзе. І будзем публічна называць прозвішчы і што яны ўчынілі. Я маю на ўвазе карупцыянераў, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Хоць мне часта гавораць: "Аляксандр Рыгоравіч, ну дай бог, каб у кожнай краіне так было (як у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА)". А я не хачу, каб наогул было. Красці, за хабар чужое прадаваць і сабе ў кішэнь класці недапушчальна. Ад гандлю да вось гэтых жулікаў".
Асобную ўвагу ў Беларусі ўдзяляюць асваенню новых рынкаў. Напрыклад, супрацоўніцтву з краінамі Афрыканскага кантынента. Добрыя адносіны ўстаноўлены з Зімбабвэ, чакаецца візіт у адказ кіраўніка дзяржавы ў Экватарыяльную Гвінею.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў вялікія перспектывы развіцця супрацоўніцтва з гэтымі краінамі і рэгіёнам у цэлым. Гэта важна ў тым ліку і для работы такіх прадпрыемстваў, як ВА "Крышталь". На Афрыканскім кантыненце ёсць буйныя радовішчы каштоўных металаў, алмазаў. Але ідзе ўзаемадзеянне, напрыклад, і ў сельскай гаспадарцы. Дзякуючы беларускай тэхніцы ў Зімбабвэ атрыманы добры ўраджай. "Яны сёння атрымалі рэкордны ўраджай хлябоў, і ўпершыню ў гісторыі дзякуючы нашай тэхніцы і дапамозе накармілі хлебам свой народ. Найбагацейшая краіна. Зразумела, на выгадных умовах мы з імі працуем. Ім падабаецца, што мы не прыйшлі да іх як каланізатары", - адзначыў Прэзідэнт.