5 кастрычніка, Ісламабад /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Пакістан мае намер развіваць дружалюбныя адносіны з Беларуссю на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў па выніках сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нашы падыходы да развіцця двухбаковых адносін не змяніліся з часу папярэдніх сустрэч. У мяне толькі ўмацавалася ўпэўненасць у шчырасці намераў пакістанскіх партнёраў развіваць дружалюбныя адносіны з Мінскам на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі заўважыў, што Пакістан перажывае няпростыя часы, у прыватнасці, у адносінах з суседзямі.
"Вы ведаеце прыхільнасць маю і нашай дзяржавы да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з суседзямі, мы жадаем вам міру", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.