7 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь рада магчымасці прадэманстраваць сусветнай супольнасці празрыстасць сваёй выбарчай сістэмы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў звароце да парламентарыяў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, праведзеныя парламенцкія выбары сталі для Беларусі сур'ёзным выпрабаваннем, таму што праходзілі ў вельмі няпростых умовах. "У першую чаргу таму, што нам трэба было разбурыць існуючае ў заходніх краінах прадузятае меркаванне, быццам у Беларусі ў час усенароднага галасавання не выконваюцца дэмакратычныя нормы. Праўда, да гэтага часу такія дэмакратычныя нормы ніхто не вызначыў, - заўважыў беларускі лідар. - Таму ўвесь выбарчы працэс быў пад пільным наглядам шматлікіх замежных наглядальнікаў, якіх мы запрасілі як з Захаду, так і з Усходу".
Прэзідэнт падкрэсліў, што колькасць запрошаных наглядальнікаў была нават большай, чым чакалі на Захадзе. "Мы рады магчымасці прадэманстраваць сусветнай супольнасці празрыстасць нашай выбарчай сістэмы і легітымнасць органаў улады", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, беларускі бок з удзячнасцю прыняў ад замежных калег канструктыўныя рэкамендацыі, якія датычацца ўдасканалення выбарчага заканадаўства. "Для нас прымальна ўсё, што ідзе на карысць спраў і не супярэчыць інтарэсам беларускага народа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.