20 верасня, Барысаўскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Мэты вучэння "Захад-2017" дасягнуты. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам пасля назірання за ходам беларуска-расійскага вучэння "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мэты, якія ставіліся, дасягнуты. Мы ўсе задачы поўнасцю рэалізавалі", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што асноўная фаза вучэння прайшла ў Беларусі на шасці палігонах і двух участках мясцовасці. Пры гэтым адпрацоўваліся дзеянні не толькі непасрэдна ўзброеных сіл, але і тэрытарыяльнай абароны.
Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці ўсім журналістам, якія, паводле яго слоў, проста бліскуча адпрацавалі гэта вучэнне як на этапе падрыхтоўкі, так і на этапе правядзення.
"Павінен адкрыта сказаць, што мэты, якія пастаўлены ў шырокім плане перад вучэннем, былі рэалізаваны не толькі на беларускіх палігонах, але і на расійскіх. Усе элементы вучэння мы адпрацавалі. Вынікі мы яшчэ падвядзём больш канкрэтна, але ў цэлым задачы вырашаны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб правядзенні вучэнняў, Прэзідэнт падкрэсліў, што лепш нешта дэманстраваць, чым ваяваць. "Мы ні ад каго не ўтойвалі гэту дэманстрацыю, паказалі здольнасць узброеных сіл Расіі і Беларусі па абароне саюза і інтарэсаў нашых дзяржаў. Гэта сапраўды была дэманстрацыя нашых магчымасцей, без гэтага нельга", - адзначыў беларускі лідар.
У цэлым Прэзідэнт не заўважыў якіх-небудзь недахопаў па ходзе вучэння. "Усё было на вельмі высокім узроўні, і гэта вучэнне не мела паказушны характар. Гэта было абсалютна практычнае вучэнне, як гэта будзе, не дай бог, вядома, у рэальнай абстаноўцы", - рэзюмаваў ён.