8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што на далейшыя падзеі ў Расіі ў значнай ступені будзе ўплываць тое, як вырашыцца поствыбарная сітуацыя ў Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у інтэрв'ю прадстаўнікам вядучых расійскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт звярнуў увагу на ролю інтэрнэту і Telegram-каналаў у сучасным грамадстве і іх часта негатыўны ўплыў на аўдыторыю. Разам з тым спосабы процістаяць такому ўздзеянню пакуль практычна адсутнічаюць.
"У вас ёсць магчымасць блакіраваць Telegram-каналы? Ні ў каго няма, нават у тых, хто ўсю гэту павуціну прыдумаў, - амерыканцы. Вы ж бачыце, што там робіцца. І Telegram-каналы там адыгрываюць вядучую ролю, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта яны задумалі, яны гэта пачыналі, і прытым даўно. Не Расія, не Беларусь гэта задумала - гэта яны заўсёды гэтым займаліся і атрымалі. Гасподзь з імі. А мы пажынаем плады ўсяго гэтага. Нават калі інтэрнэт сёння ліквідаваць, Telegram-каналы гэтыя з Польшчы будуць працаваць".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Расія таксама можа сутыкнуцца з праблемай негатыўнага ўплыву на грамадства з боку Telegram-каналаў. "Усё гэта глабалізавана і інтэрнацыяналізавана. Калі вы думаеце, што багатая Расія з гэтым справіцца, памыляецеся. Я размаўляў з многімі прэзідэнтамі, са сваім старэйшым сябрам (старэйшым братам, як я яго называю) Пуціным, я яго папярэдзіў: гэтаму процістаяць нельга", - расказаў беларускі лідар.
"Таму вы не расслабляйцеся. У вас таксама хутка пэўныя палітычныя падзеі. А можа быць і на роўным месцы. Ведаеце, мы да чаго прыйшлі разам з расійскім істэблішментам і кіраўніцтвам? Калі сёння Беларусь рухне, наступнай будзе Расія".