18 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся сёння з працоўным калектывам СААТ "Камунарка", расказаў, што з'яўляецца прыхільнікам паэтапнага павышэння пенсійнага ўзросту на 3 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палавінцы. І так мы спакойна, за шэсць-сем гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што выхад на пенсію з 55 і 60 гадоў застаўся толькі ў Беларусі і Расіі. "Не трэба думаць, што калі перадпенсійны ўзрост - выкінуць на вуліцу. Калі не працуеш, цябе і ў неперадпенсійным узросце звольняць. Цяпер трэба выкладвацца, - адзначыў Прэзідэнт. - Але калі пенсіянер можа працаваць, добры спецыяліст і яшчэ можа падрыхтаваць сабе замену, то яму наогул трэба даплачваць, як настаўніку, таму што падрыхтаваць спецыяліста - гэта вялікія грошы".
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму ў краіне вымушаны пайсці на такі крок. "Зарплата ў людзей невысокая і не расце па краіне. А пенсійны фонд фарміруецца з зарплаты. Калі не расце зарплата, а цэны ўсё ж такі рухаюцца, такім чынам, няхай на паўпрацэнта, на працэнт жыццёвы ўзровень падае, - сказаў Прэзідэнт. - Паўстае пытанне: што рабіць? Змяншаць пенсіі? На гэта мы пайсці не можам. Нельга крыўдзіць людзей".
"Для мяне як бацькі важна тое, каб мы на сваіх дзяцей гэтыя праблемы не перакладвалі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што не бачыць вялікіх праблем і ў плане рабочых месц. "Створым мы рабочыя месцы і ствараем. Трэба напружыць тых кіраўнікоў, якія павінны стварыць рабочыя месцы, і самім ствараць малыя, сярэднія, буйныя прадпрыемствы, каб былі новыя месцы. Мы і гэты шлях задзейнічаем", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама структуру самой пенсійнай сістэмы ў Беларусі. Прэзідэнт расказаў, што ў свой час яму прапаноўвалі змяніць існуючую ў краіне пенсійную сістэму на накапляльную. Аднак ён не падтрымаў гэту ініцыятыву, пры гэтым дазволіўшы яе на добраахвотнай аснове. "Можа, калі-небудзь наша грамадства прыйдзе да таго, каб разбурыць гэту сістэму і пакінуць толькі накапляльную", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.