1 мая, Шклоў /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 мая наведаў Спаса-Праабражэнскі храм у Шклове. Размаўляючы з настаяцелем і прыхаджанамі, кіраўнік дзяржавы падзякаваў беларусам, у тым ліку свяшчэннаслужыцелям, за ўклад у развіццё краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па добрай традыцыі на Вялікдзень наведвае храмы ў рэгіёнах. Такім чынам, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён аддае даніну павагі "нашым людзям, свяшчэннаслужыцелям". Прэзідэнт выказаў удзячнасць за служэнне Айчыне, за той цяжкі крыж, які свяшчэннаслужыцелі нясуць разам з усімі па станаўленні Беларусі.
Ён адзначыў, што Беларусь як суверэнная дзяржава яшчэ маладая, для яе развіцця ўжо нямала зроблена і яшчэ вельмі многае трэба зрабіць. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў сваю чаргу адчувае вялікую адказнасць, якую нясе за беларускую зямлю. "Я нясу адказнасць перад людзьмі, якія даверылі мне гэту пасаду", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў са светлым Уваскрэсеннем Хрыстовым, пажадаў усім здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця, міру. Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар храму абраз "Мікола з палеоснымі святымі: Міхаіл і Ефрасіння", які напісаны прыкладна ў першай палавіне XX стагоддзя. Ён выкананы на дошцы тэмпернымі фарбамі ў традыцыйнай для праваслаўнай іканаграфіі тэхніцы.
У сваю чаргу настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма перадаў у дар кіраўніку дзяржавы абраз свяціцеля Георгія Каніскага. Вядомы багаслоў, дыпламат, які служыў 40 гадоў на Магілёўскай зямлі, Георгій Каніскі пакінуў глыбокі след у беларускай гісторыі.