28 жніўня, Камянецкі раён /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Будучы год для сельскай гаспадаркі стане годам культуры земляробства. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аддзяленне "Расна" ААТ "Белавежскі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пры гэтым упор будзе зроблены на меліярацыю, дысцыпліну і кадры. Закранаючы апошні аспект, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Калі гэтага не будзе, колькі грошай не давай, толку ад гэтага не будзе. Таму трэба ў корані ламаць кіраванне".
У час наведвання аддзялення "Расна" Аляксандру Лукашэнку было даложана аб завяршэнні ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі. Размова ў тым ліку ішла аб уборцы кукурузы. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся там, дзе гэта больш мэтазгодна, убраць кукурузу не на зерне, а выкарыстоўваць яе пры нарыхтоўцы кармоў. "Менавіта так па краіне трэба зрабіць, ні на каго не трэба націскаць, няхай вызначаюцца, але рэкамендаваць менавіта такі падыход", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт даручыў таксама выпрацаваць стратэгію вырошчвання рапсу, якая будзе прадугледжваць, што займацца вырошчваннем гэтай культуры павінны тыя гаспадаркі, дзе гэта найбольш выгадна.
Сёння кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам выканання яго даручэнняў па навядзенні тэхналагічнага парадку на далучаных да ААТ "Белавежскі" малочнатаварных фермах былога СВК "Савецкая Беларусь". Прэзідэнт, у прыватнасці, пабываў на МТФ "Абяроўшчына", дзе яму былі прадстаўлены вынікі яе рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся таксама з тэхналагічным працэсам вытворчасці малака высокай якасці на рэканструяванай ферме. Прэзідэнт наведаў таксама мехдвор аддзялення "Расна" ААТ "Белавежскі", дзе азнаёміўся з яго работай па забеспячэнні высокай тэхнічнай гатоўнасці і эфектыўнай эксплуатацыі сучаснага машынна-трактарнага парку.