18 верасня, Сочы /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларуская дзяржава з вялікай павагай ставіцца да ўзаемаадносін з рэгіёнамі Расіі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я асабіста і наша дзяржава з вялікай павагай ставімся да ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і паміж рэгіёнамі і Беларуссю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. "Мы сапраўды разумеем, што адбываецца вакол нас. Хапае і ў нас праблем, таму мы і збіраемся на такія рэгіянальныя мерапрыемствы (форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. - Заўвага БЕЛТА)", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар нагадаў, што калі расійскія губернатары бываюць у Беларусі, то няма такога выпадку, каб кіраўнік дзяржавы асабіста не сустрэўся з кіраўніцтвам рэгіёнаў і не пацікавіўся бягучымі справамі, "што трэба, што мы можам зрабіць, што разам можам зрабіць".
"Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў мінулыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам вельмі складана было б утрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду вельмі цяжкі быў час", - нагадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі тавараабарот з некаторымі рэгіёнамі Расіі вышэйшы, чым з іншымі дзяржавамі. "Прыкладна палавіна ўсяго беларускага тавараабароту прыпадае на Расію. Адсюль і каштоўнасць, і значнасць нашых адносін", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Што датычыцца форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта мерапрыемства набыло рэзананс. "Для верхніх палат парламентаў знайшлі сур'ёзную канкрэтную тэму, і яны з задавальненнем гэтым займаюцца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка і падзякаваў Уладзіміру Пуціну, губернатарам за добра арганізаванае мерапрыемства і выказаў упэўненасць, што яно стане традыцыйным.