5 кастрычніка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь гатова зрабіць усе неабходныя крокі для нарошчвання ўзаемадзеяння з Венесуэлай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь надае вялікае значэнне адносінам з гэтай лацінаамерыканскай краінай і гатова зрабіць усе неабходныя крокі для нарошчвання плённага двухбаковага ўзаемадзеяння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што цяперашні афіцыйны візіт Нікаласа Мадуры ў Беларусь будзе садзейнічаць паглыбленню партнёрства паміж краінамі ва ўсіх сферах.
У час перагавораў прэзідэнты абмяняліся думкамі адносна ключавых напрамкаў палітычнага і эканамічнага ўзаемадзеяння, вызначылі арыенціры на будучае. "Мы абмеркавалі таксама шэраг перспектыўных сумесных праектаў, якія забяспечаць удзел беларускага боку ў развіцці будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, машынабудавання, нафтагазавай прамысловасці, іншых сектараў венесуэльскай эканомікі", - адзначыў беларускі лідар.