12 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Праведзеныя выбары сталі сведчаннем руху Беларусі па шляху дэмакратызацыі. Аб гэтым пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў журналістам старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усе разумеюць, што вы балееце за нас, нягледзячы на тое, што ажыццяўляеце незалежнае назіранне, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Сяргеем Лебедзевым. - Вы мне заўсёды гаварылі праўду аб тым, над чым трэба працаваць. І заўважце, усё, аб чым вы гаварылі, мы рэалізоўвалі".
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем Сяргея Лебедзева аб праведзеных парламенцкіх выбарах.
Паводле слоў кіраўніка місіі наглядальнікаў ад СНД, выбары прайшлі спакойна, арганізавана і ў адкрытай атмасферы. "Яны былі дэмакратычнымі і празрыстымі. І, самае галоўнае, яны забяспечылі права грамадзян Беларусі на свабоднае волевыяўленне", - адзначыў Сяргей Лебедзеў.
Паводле яго слоў, у праведзеныя выбары прыўнесена шмат пазітыўнага. Так, у складзе ўчастковых выбарчых камісій і сярод кандыдатаў былі прадстаўнікі апазіцыйных груп, партый і рухаў. Прадстаўнікі апазіцыі ўвайшлі і ў склад парламента па выніках выбараў. "Гэта сведчанне руху Беларусі па шляху дэмакратызацыі. Як заканадаўства Беларусі, так і арганізацыя выбараў поўнасцю адпавядаюць агульнапрызнаным дэмакратычным нормам выбарчага права", - канстатаваў Сяргей Лебедзеў.
Ён таксама падзяліўся ўражаннямі аб наведванні выбарчых участкаў і адзначыў даволі высокую яўку. "У парламент прыйшлі дастойныя, сталыя людзі з вышэйшай адукацыяй, з багатым прафесійным і жыццёвым вопытам", - лічыць Сяргей Лебедзеў.