15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адкрыта да перагавораў з новым урадам Францыі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ў эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.
"Чакаем фарміравання новага ўрада Францыі, - сказаў Павел Латушка. - Мы адкрыты да перагавораў з новым урадам па пытаннях развіцця і пашырэння гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва".
Паводле слоў дыпламата, у першым квартале 2017 года Беларусь і Францыя істотна павялічылі ўзаемны тавараабарот. Пры гэтым тэмп росту беларускага экспарту склаў 170 працэнтаў.
Павел Латушка таксама паведаміў аб пачатку рэалізацыі значных інвестыцыйных праектаў, у якіх удзельнічаюць сусветна вядомыя французскія кампаніі. "Вельмі важна, каб такія прыклады павялічваліся. Мы разлічваем, што з новым кіраўніцтвам Францыі нашы адносіны будуць паляпшацца", - адзначыў пасол.