14 чэрвеня, Пекін /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітай падтрымлівае паглыбленне супрацоўніцтва Беларусі з ШАС. Аб гэтым заявіў памочнік міністра замежных спраў Кітая (у рангу намесніка міністра) Лі Хуэйлай, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА на сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі краін ШАС, што адбылася ў Пекіне напярэдадні 15-годдзя ШАС і ташкенцкага саміту гэтай арганізацыі.
Паводле яго слоў, Беларусь з'яўляецца важнай дзяржавай у Еўразіі і прызнае "шанхайскі дух", мэты і прынцыпы Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Лі Хуэйлай таксама адзначыў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах ШАС і ўносіць вялікі ўклад у развіццё арганізацыі, адчувальнай з'яўляецца роля краіны на міжнароднай арэне ў забеспячэнні стабільнасці ў рэгіёне.
"Кітай няўхільна падтрымлівае паглыбленне супрацоўніцтва ШАС з Беларуссю. У мінулым годзе на ўфімскім саміце кітайскі бок разам з іншымі краінамі - членамі арганізацыі прынялі рашэнне вывесці статус Беларусі ў ШАС да наглядальніка", - сказаў намеснік міністра.
Цяпер Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва прыкладае намаганні для павышэння ўзаемадзеяння ў розных сферах. Прадстаўнік кітайскага Міністэрства замежных спраў выказаў надзею, што ўсе краіны-наглядальнікі, у тым ліку Беларусь, праявяць свае перавагі для забеспячэння стабільнасці ў рэгіёне.