18 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Эквадора Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес адзначае інтарэс да развіцця адносін з Беларуссю. Аб гэтым яна заявіла сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр заявіла, што гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва займае галоўнае месца ў адносінах з Беларуссю. Яна падкрэсліла, што за апошнія некалькі гадоў краіны рушылі наперад у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Але не дастаткова. Ёсць яшчэ шмат таго, што мы павінны зрабіць менавіта сумеснымі намаганнямі", - сказала Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес.
Яна адзначыла, што гэта ўжо другі яе прыезд у Беларусь. Папярэдні быў у якасці міністра абароны Эквадора. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес перадала Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад імя Прэзідэнта Эквадора. "У гэтым годзе мы адзначаем 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Гэты момант ключавы для таго, каб зрабіць своеасаблівы перазапуск адносін і надаць ім дадатковы імпульс", - сказала міністр.