2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны журналіст павінен усведамляць сваю адказнасць, заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы бачым, як імкліва развіваюцца новыя тэхналогіі, растуць аб'ёмы інфармацыйных патокаў, нараджаюцца новыя медыяфарматы і ў цэлым мяняецца парадыгма самой журналістыкі. Але фундаментальныя асновы журналістыкі застаюцца нязменнымі: безумоўная прыхільнасць да фактаў, аб'ектыўнасць, непрадузятасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук. Журналісту таксама неабходна ўсведамленне сваёй адказнай місіі", - падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч.
Ён адзначыў, што чарговы раз напярэдадні прафесійных свят журналістаў форум "СМІ ў Беларусі" гасцінна расчыніў свае дзверы для беларускай і замежнай медыясупольнасці, для ўсіх чытачоў, гледачоў, слухачоў. "Я рады вітаць і пастаянных удзельнікаў выстаўкі, і тых, хто ўпершыню тут. Нас усіх аб'ядноўвае журналістыка. І ўсіх нас хвалюе яе сучаснае і будучае. Сёння ў зале я бачу многіх маладых калег, будучых акул пяра і зорак экрана, і не толькі тэлевізійных. Хачу выказаць упэўненасць, што цяперашняя выстаўка будзе не проста цікавай, але і вельмі карыснай", - сказаў міністр.
Распрацоўваючы праграму выстаўкі, Міністэрства інфармацыі бачыла сваёй задачай зрабіць яе максімальна насычанай. "Мы пастараліся зрабіць так, каб у нас было больш экспертаў, спікераў з рознымі пунктамі гледжання. Пастараліся крыху расшырыць рамкі, уключаючы ў работу выстаўкі распаўсюджвальнікаў друку, выдаўцоў, самую шырокую піяр-супольнасць, прафесіяналаў са сферы сацыяльных медыя, - расказаў Аляксандр Карлюкевіч. - Менавіта на стыку галін найбольш відавочны кропкі росту сучаснай журналістыкі, кропкі развіцця сучасных СМІ. Насычанасць і маштабнасць гэтай падзеі надае ўдзел у выстаўцы нашых добрых сяброў, якія прыехалі здалёку. Радасна, што вас так шмат. Вялікі дзякуй за цеплае і добрае стаўленне да Беларусі".
У выстаўцы, якая праводзіцца з 2 па 4 мая, удзельнічаюць больш за 50 экспанентаў. Шырока прадстаўлены друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама сеткавыя выданні, якія пачалі рэгістравацца ў нашай краіне згодна з новаўвядзеннем у заканадаўства з 1 снежня 2018 года.
Наведвальнікам форуму прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складаецца з прэзентацый інфармацыйнах і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркуюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы. Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія раскажуць аб удзеле ў сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Адбудзецца прэзентацыя спартыўных выданняў.
На сваіх стэндах беларускія СМІ прадставяць праекты ў рамках рэспубліканскай акцыі "Беларусь памятае". Вялікае месца ў праграме выстаўкі адведзена праектам БЕЛТА, прэс-службаў і камунікацыйных агенцтваў. У прыватнасці, Беларускае тэлеграфнае агенцтва прадстаўляе но форуме ўнікальныя кадры фотаархіва 1941-1944 гадоў, знаёміць з партызанскімі часопісамі. Стэнд БЕЛТА таксама прэзентуе традыцыі суверэннай Беларусі, стане пляцоўкай для сустрэчы са спартсменамі і ўстанаўлення новага рэкорду.
Цэнтральныя тэмы выстаўкі - 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ІІ Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы. Сярод асаблівасцей цяперашняга форуму - правядзенне 3 мая першага тэматычнага Дня піяру, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ, сярод якіх інтэрнэт-выданне Мediana.by, заснаванае сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы. Традыцыйна ў рамках выстаўкі 3 мая на пляцоўцы "Дыпсэрвіс Хол" будуць уручаны ўзнагароды пераможцам у 23 намінацыях Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая літара" - у гэтым годзе на ўдзел у ім паступіла больш за 330 заявак. А 4 мая на "СМІ ў Беларусі" дзіцячы дзень. Выстаўка будзе прадстаўлена вачамі самых юных яе ўдзельнікаў.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "СМІ ў Беларусі" праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнага выставачнага цэнтра "БелЭкспа", іншых органаў дзяржкіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.