27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфляцыя за дзевяць месяцаў дасягнула мінімальнага паказчыка за гісторыю суверэннай Беларусі, заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін на сумесным пасяджэнні дзвюх палат беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Інфляцыя за 9 месяцаў склала 2,7 працэнта пры прагнозе на год - 9 працэнтаў. Гэта мінімальны паказчык за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі", - падкрэсліў Анатоль Калінін.
Ён таксама звярнуў увагу, што ў краіне нармальна функцыянуе ўнутраны валютны рынак, працягваецца далейшае патанненне крэдытаў для рэальнага сектара эканомікі. У прыватнасці, у верасні сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах склала для юрыдычных асоб 12,3 працэнта і фізічных асоб 12,1 працэнта гадавых. У верасні стаўка рэфінансавання зніжана да 11 працэнтаў.
"Дадатныя тэндэнцыі ў асноўных галінах эканомікі таксама захаваны. Забяспечаны прырост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці на 6,1 працэнта. Расце вытворчасць машын і абсталявання, электраабсталявання і хімічных прадуктаў. Добрыя вынікі ў дрэваапрацоўцы, металургіі, фармацэўтыцы, лёгкай прамысловасці", - канстатаваў віцэ-прэм'ер. Так, у студзені-верасні 2017 года ў прамысловасці атрыманы чысты прыбытак у памеры Br2,6 млрд, што ў 1,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Знізілася доля стратных арганізацый. Запасы гатовай прадукцыі знаходзяцца на самым нізкім узроўні за апошнія пяць гадоў - складаюць 60 працэнтаў да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.
"З ростам працуе сельская гаспадарка - 101,7 працэнта, стабільныя тэмпы росту ў жывёлагадоўлі - 102,2 працэнта", - праінфармаваў Анатоль Калінін.
"Адстае ад аб'ёмаў вытворчасць прадуктаў нафтаперапрацоўкі, тэмп складае 87,6 працэнта, што абумоўлена скарачэннем паставак расійскай нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы ў пачатку года. Але гэта адставанне паступова скарачаецца", - дадаў віцэ-прэм'ер.