1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моладзь Беларусі мае магчымасці рэалізаваць свае таленты. Такое меркаванне выказала 1 чэрвеня журналістам у час цырымоніі адкрыцця абноўленага будынка Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб рэалізавацца маладым. Усе дастойныя творчыя праекты не застаюцца без увагі, уручэнне ўзнагарод і прэмій лепшым - гэта добры стымул для далейшага развіцця маладых талентаў. Званне стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі - моцны імпульс для таго, каб развіваць свае здольнасці, рэалізоўвацца ў творчасці. Усё гэта ідзе на карысць дзяржаве, садзейнічае яе развіццю", - лічыць Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, каля 6 тыс. маладых людзей сталі стыпендыятамі за гады існавання фонду. Сёння ў сценах абноўленага Беларускага тэатра юнага гледача адбылася цырымонія ўзнагароджвання тых, хто гатовы прыносіць карысць сваімі поспехамі краіне.
Гранд-прэміі і званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду ўдастоены: студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік галоўнага прыза за лепшы замежны мастацкі фільм 9-га Міжнароднага фестывалю стосекундных фільмаў у Іране Ягор Бякаў; навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальнік залатога медаля Першых адкрытых маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульняў "Культура - вектар развіцця" Піліп Змушко; навучэнка Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, уладальніца Гран-пры XVIII Міжнародных сустрэч з акардэонам "Санак-2014" Лізавета Кейзерава, навучэнка гімназіі нумар 36 Мінска, лаўрэат першай прэміі XII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2014" XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Зінаіда Купрыяновіч; студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальніца залатога медаля 11-га Міжнароднага танцавальнага фестывалю "Танцалімп" Марыя Плахаціна; выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М.І.Глінкі, лаўрэат конкурсу ігры на ўдарных інструментах XII Міжнароднага фестывалю "Дні ўдарных інструментаў" Ілья Сцяпанаў; навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат першай прэміі і ўладальнік прыза глядацкіх сімпатый XV Міжнароднага тэлевізійнага конкурсу юных музыкантаў "Шчаўкунок" Уладзіслаў Хандогій; студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальніца залатога медаля Першых адкрытых маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульняў Карына Шайтар; студэнт Магілёўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага, уладальнік залатога медаля Першых адкрытых маладзёжных Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульняў Андрэй Шычко.
Як паведамлялася раней, на фінансаванне расходаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2015 годзе з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы выдзелена Br6 млрд.