5 красавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Доля экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме вырасце да 10 працэнтаў да 2020 года, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, прадстаўляючы ў Авальнай зале праграму дзейнасці ўрада на 2016-2020 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Доля экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме вырасце да 10 працэнтаў да 2020 года (у 2015-м мелі менш як 5 працэнтаў), а доля паслуг у аб'ёме агульнага экспарту (тавараў і паслуг) - да 25 працэнтаў (у мінулым годзе было крыху больш як 20 працэнтаў)", - заявіў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, у праграме дзейнасці ўрада адлюстраваны меры па рэалізацыі стратэгіі развіцця экспарту, рэалізаваны шэраг фундаментальных даручэнняў кіраўніка дзяржавы па дыверсіфікацыі экспарту, інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, па выкарыстанні магчымасцей супрацоўніцтва з ЕС і КНР, краінамі далёкай дугі. "Размеркаванне экспартных паставак паміж трыма рынкамі - Еўразійскі эканамічны саюз, Еўрапейскі саюз і іншыя краіны - да 2020 года павінна скласці суадносіны трэць/трэць/трэць", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
Ён канстатаваў, што важнейшым прыярытэтам экспартнай стратэгіі ўрад разглядае экспарт паслуг. "Гэта сфера не патрабуе вялікай матэрыяльна-сыравіннай базы, але за кошт яе мы можам істотна нарасціць нашу прысутнасць на знешніх рынках. Парк высокіх тэхналогій, медыцынскія паслугі, транспарт, лагістыка, уязны турызм, агратурызм, развіццё паляўнічых гаспадарак - вось рэальны рэзерв росту валютных паступленняў", - лічыць прэм'ер-міністр.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што ўрадам распрацаваны праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гады. "Гэта праграма прадугледжвае комплекс мер эканамічнага, арганізацыйна-інфармацыйнага характару. У ліку прыярытэтаў - аптымізацыя нацыянальнай сістэмы экспартнай падтрымкі, дыверсіфікацыя экспарту, развіццё эканамічнай інтэграцыі ў рамках ЕАЭС", - заявіў кіраўнік беларускага ўрада.