25 чэрвеня, Мілан /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Узросшая актыўнасць замежных інвестараў у Беларусі з'яўляецца паказчыкам сусветнага інтарэсу да яе эканомікі. Аб гэтым заявіў сёння намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка на адкрыцці Дня беларускай эканомікі на сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2015" у Мілане, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паказчыкам сусветнага інтарэсу ў эканоміцы Беларусі з'яўляецца ўзросшая актыўнасць замежных інвестараў у краіне. За апошнія пяць гадоў аб'ём замежных інвестыцый у нашу эканоміку ўзрос амаль у два разы да
$63,3 млрд", - адзначыў Аляксандр Ярашэнка.Паводле яго слоў, у еўрапейскай эканоміцы Беларусь адыгрывае прыкметную ролю з-за свайго геаграфічнага становішча і эканамічнага патэнцыялу. Краіна ляжыць на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў з Расіі і краін Азіі ў Еўрапейскі саюз, паміж краінамі Балтыйскага і Чарнаморскага рэгіёнаў. "Гэта садзейнічае развіццю гандлю. Наша краіна гандлюе са 160 краінамі свету", - канстатаваў Аляксандр Ярашэнка.
Памер тавараабароту Беларусі складае 115 працэнтаў гадавога ВУП краіны. Па памеры ВУП на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці (
$18,2 тыс.) Беларусь ужо ўвайшла ў лік краін з сярэднім узроўнем даходу. "Гэта звязана не толькі з выгадным геаграфічным становішчам, але і з высокім патэнцыялам нашай краіны, а таксама з высокім узроўнем развіцця навукі і адукацыі", - растлумачыў Аляксандр Ярашэнка. На долю Беларусі прыпадае 30 працэнтаў сусветнай вытворчасці кар'ерных самазвалаў, 17 працэнтаў - камбайнаў, 6 працэнтаў - трактароў. Таксама Беларусь забяспечвае 16 працэнтаў сусветнага экспарту малака і малочнай прадукцыі, у тым ліку займае 4-е месца ў свеце па экспарце натуральнага малака.Таксама Аляксандр Ярашэнка адзначыў дынамічнае развіццё інавацыйных сектараў эканомікі. "Шырокую вядомасць у свеце набылі камп'ютарныя праграмы беларускіх распрацоўшчыкаў з Парка высокіх тэхналогій -
Viber і World of Tanks", - канстатаваў намеснік міністра.Сёння на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2015" у Мілане праходзіць Дзень беларускай эканомікі. У ходзе мерапрыемстваў будуць прадстаўлены інвестыцыйныя магчымасці Беларусі, новыя ўмовы эканамічнага супрацоўніцтва, звязаныя з членствам Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а таксама вопыт супрацоўніцтва па праектах гандлёвага і доўгатэрміновага фінансавання. Запланавана правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы.
Удзел у мерапрыемствах прымаюць найбуйнейшыя беларускія і італьянскія кампаніі, якія працуюць у сферах харчовай прамысловасці, машынабудавання, лёгкай прамысловасці, прыборабудавання, медыцыны, нафтахіміі, фармацэўтыкі, энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій і іншых сектарах эканомікі, а таксама міжнародныя фінансавыя інстытуты, буйныя італьянскія банкі і кіруючы склад італьянскіх агенцтваў.