19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа стаць адным з сур'ёзных еўрапейскіх цэнтраў у сферы развіцця штучнага інтэлекту і машыннага навучання. Такое меркаванне ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" выказаў дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі, каменціруючы прынятае 13 сакавіка рашэнне аб рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў ПВТ рэкорднай колькасці кампаній, паведамляе БЕЛТА.
"Мы, вядома, вельмі задаволены такім вялізным наплывам кампаній у Парк высокіх тэхналогій. Вельмі важна яшчэ адна акалічнасць. Сярод тых кампаній, якія ўступілі ў парк нядаўна, вельмі шмат перспектыўных стартапаў і сталых кампаній. Тых, якія працуюць у сферы развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту і машыннага навучання. Мы цяпер бачым, што і ў нашай краіны, і ў Парка высокіх тэхналогій ёсць усе шанцы стаць адным з такіх сур'ёзных еўрапейскіх цэнтраў у гэтай сферы", - сказаў Усевалад Янчэўскі.
Наглядальны савет Парка высокіх тэхналогій зарэгістраваў у якасці рэзідэнтаў ПВТ адразу 46 новых кампаній. У праграме адзначалася, што гэта істотны прырост - з 192 да 238 рэзідэнтаў, прычым да ўступлення ў сілу дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі". IT-супольнасць дала высокую ацэнку гэтаму дакументу і адгукнулася сустрэчнымі крокамі.
Сярод іх ёсць як стартапы, так і гучныя імёны. Зарэгістраваўся расійскі гігант Mail.ru - у мінскім офісе яны будуць весці распрацоўку гульнявых праектаў. Ёсць і вопытныя ігракі на ўнутраным рынку, якія аказваюць паслугі прамысловым гігантам у Беларусі і па ўсім свеце.
Як паведамлялася, Парк высокіх тэхналогій вырас не толькі колькасна, але і якасна, паколькі новыя рэзідэнты ахопліваюць новыя высока запатрабаваныя на рынку напрамкі дзейнасці і тэхналогіі. Сярод іх распрацоўка праграмнага забеспячэння ў сферы штучнага інтэлекту (нейронныя сеткі, машыннае навучанне, камп'ютарны зрок) і дапоўненай рэальнасці - кампаніі "Вонабай", "Камера Фэрст Дэвелапмент", "Каноэ", "Твістэллар" і інш.; распрацоўка праграмнага забеспячэння ў сферы збору, апрацоўкі, аналізу вялікіх аб'ёмаў даных (BigData) - кампаніі "БД Тэхналогіі", "Спіраль Скаўт"; распрацоўка праграмна-апаратных комплексаў у сферы інтэрнэту рэчаў - "Кліка Тэк"; распрацоўка ПЗ у сферы дакладнага земляробства - "УанСоіл".
У ПВТ таксама прыйшлі пяць рэзідэнтаў, чыя дзейнасць звязана не толькі з праграмным, але і апаратным забеспячэннем: "Клэвэтура", ВРТЭК, "Кліка Тэк", "Сірк'ют Інжынірынг Тэхноладжыз", "Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі".
Многія новыя рэзідэнты арыентаваны не толькі на экспарт, але і работу на ўнутраным беларускім рынку - "ВайсВэб", "Інтэрмех", "Сэрвіс-партнёр", "Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі".