16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь, якая праводзіць міралюбівую палітыку, дастойна выглядае на карце рэгіёна. Такі пункт гледжання выказаў галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч у час тэлепраграмы "Клуб рэдактараў", паказанай 15 лістапада ў вячэрнім эфіры канала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Беларусь сёння выглядае вельмі і вельмі дастойна на карце нашага рэгіёна. Мы нікому не пагражаем, не патрабуем ад суседзяў вярнуць нам якія-небудзь тэрыторыі. Мы ні да каго прэтэнзій не маем і ўяўляем сабой краіну, якая вельмі добрая ў добрасуседскім плане", - упэўнены медыяэксперт.
Паводле яго слоў, паколькі Беларусь нікому не пагражае, то яна мае права чакаць, што і ёй ніхто пагражаць не будзе. "Але як гэта будзе ў рэальнасці - ужо іншая справа, паколькі тут ёсць нямала нюансаў. Прыклад Украіны і іншых краін пабуджае, як мне здаецца, наша кіраўніцтва і грамадскасць пастаянна думаць пра бяспеку. І не толькі ў чыста ваенным аспекце - аспектаў тут шмат. Кожны з напрамкаў нашай бяспекі павінен быць сучасным і адэкватна развівацца. Калі размова ідзе аб арміі, то гэта новыя сістэмы ўзбраенняў, калі размова ідзе аб інфармацыйнай бяспецы, то гэта выбар інструментарыю, які дапаможа нам у выпадку неабходнасці выстаяць", - сказаў Павел Якубовіч.
Генеральны дырэктар ЗАТ "БелКП-ПРЭСС" Галіна Малішэўская мяркуе, што ў пытанні падтрымання абараназдольнасці арміі ёсць некалькі важных складнікаў. "Гэта, па-першае, тэхналагічны бок, і тут заўсёды трэба трымаць руку на пульсе хаця б проста для таго, каб Беларусь у тэхналогіях, у тым ліку і ваенных, не адставала. Таму што, напрыклад, на працягу ўсяго ХХ стагоддзя армія ў многім была рухавіком тэхналогій. І няважна, імкнуліся людзі ў космас або яшчэ куды-небудзь. Армія - гэта сур'ёзны заказчык тэхналагічных змяненняў, - падкрэсліла яна. - Па-другое, важную ролю адыгрываюць камунікацыі. Вельмі важна забяспечваць інфармацыйную бяспеку, усведамляць існуючыя тут выклікі. Таму што ад інфармацыі таксама можа зыходзіць вялікая пагроза".