6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прыкладна праз месяц Беларусь выйдзе на ўстойлівае зніжэнне захваральнасці на COVID-19, заявіла ў эфіры "Беларусь 1" намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская, паведамляе БЕЛТА.
Ірына Глінская адзначыла, што цяпер назіраецца зніжэнне захваральнасці ў Віцебскім рэгіёне. "Думаем, што недзе праз месяц, магчыма, да канца гэтага месяца мы выйдзем на ўстойлівае зніжэнне захваральнасці, і тады ўжо можна будзе гаварыць аб нейкіх далейшых прагнозах", - сказала яна.
Намеснік галоўнага ўрача падкрэсліла, што прагноз беларускіх спецыялістаў практычна апраўдваецца. "Мы зрабілі гэты прагноз. Улічвалася эпідэміялагічная мадэль, у яе распрацоўцы ўдзельнічалі розныя спецыялісты. Таму што гэта стык спецыяльнасцей - эпідэміёлагаў, вірусолагаў, інфекцыяністаў. Улічваліся зусім розныя параметры: сярэдні інкубацыйны перыяд каранавіруса, розныя мадэлі, як можа развівацца сітуацыя. Безумоўна, бралі пад увагу і нейкія пэўныя сацыяльныя асаблівасці, разумеючы, што ў тыя ж выходныя дні рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па сацыяльным дыстанцыраванні насельніцтва ўсё ж такі не так дакладна выконвае, як у рабочыя дні, - заявіла яна. - Гэты прагноз за перыяд з моманту яго стварэння амаль у поўнай меры апраўдваецца. Але, можа, толькі ў апошнія паўтара тыдня крыху ў нас у параўнанні з прагнозам з'явіўся зрух на адзін дзень".
Ірына Глінская падкрэсліла, што меры, якія прымаюцца ў Беларусі ў барацьбе з COVID-19, эфектыўныя. "Яны працуюць і даюць магчымасць нам папярэдзіць даволі вялікую колькасць выпадкаў захворвання, не дапусціць іх лавінападобнага росту", - дадала яна.