19 мая, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Час паказаў, што будаўніцтва БелАЭС было вывераным рашэннем. Аб гэтым заявіў 19 мая журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы памятаеце, якія крыкі былі на этапе, калі мы рыхтаваліся да прыняцця рашэння аб будаўніцтве атамнай станцыі. Асабліва з Захаду. Цяпер мы бачым, наколькі гэта было выверанае і прадуманае рашэнне. І тыя ж нашы крытыкі цяпер сутаргава дастаюць з пыльных шаф праекты атамных станцый", - іранічна адзначыў прэм'ер-міністр.
Ён падкрэсліў, што для Беларусі гэта важнейшы праект дзесяцігоддзя. "Мы фактычна знаходзімся на фінішнай прамой. Сёння якраз абмяркоўвалі графік астатніх мерапрыемстваў па ўводзе другога энергаблока ў прамысловую эксплуатацыю", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.
У краіне своечасова прымаліся меры па стымуляванні спажывання электраэнергіі. "Гэта і стымулюючыя тарыфы для насельніцтва, кампенсацыя капітальных затрат на перавод або ўвод новага дома з выкарыстаннем электрычнасці ў якасці асноўнай крыніцы цяпла", - адзначыў кіраўнік урада.
БелАЭС важна таксама з пункту гледжання дыверсіфікацыі крыніц энергіі. "Мы не адмаўляемся ад прыроднага газу, але паўнацэнны ўвод другога энергаблока ў эксплуатацыю і выхад абодвух блокаў на намінальную магутнасць дасць магчымасць нам эканоміць", - сказаў Раман Галоўчанка.
З уводам другога энергаблока БелАЭС штогод будзе вырабляць каля 18,5 млрд кВт.гадз электраэнергіі. Гэта забяспечыць каля 40 працэнтаў унутраных патрэбнасцей краіны і дасць магчымасць замяшчаць каля 4,5 млрд куб.м прыроднага газу ў год.
"З уводам станцыі ў эксплуатацыю работа не скончыцца. У "Расатаме" вядуцца работы па мадэрнізацыі і паляпшэнні параметраў рэактараў бягучага тыпу. Ёсць і іншыя напрацоўкі, якія ўяўляюць цікавасць для беларускага боку. Думаю, наперадзе вялікая і насычаная дарога", - рэзюмаваў прэм'ер- міністр.
Сёння магутнасць рэактарнай устаноўкі другога энергаблока БелАЭС павысілі да 50 працэнтаў. Прымеркаваная да гэтай падзеі цырымонія прайшла на БелАЭС з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксея Ліхачова.