22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час навагодняй дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" наведаў сёння РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Раман Галоўчанка павіншаваў з надыходзячымі святамі дзяцей, якія пакуль яшчэ знаходзяцца ў палатах РНПЦ, але ўжо ў хуткім часе адправяцца дадому, і ўручыў ім падарункі. "Чараўнікі - гэта не толькі Дзед Мароз са Снягурачкай, але і ўрачы, якія вас лечаць, вяртаюць вам здароўе", - сказаў ён. Кіраўнік урада пажадаў хлопцам і дзяўчатам, каб яны былі здаровымі і аказаліся хутчэй дома.
Паводле яго слоў, у гэтым цэнтры працуюць прафесіяналы сваёй справы. "Тут мы бачым цуды, якія зрабілі не нейкія казачныя персанажы, а рукі нашых беларускіх урачоў", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Дзеці ўручылі прэм'ер-міністру навагоднія цацкі, зробленыя ўласнымі рукамі.
Таксама Раману Галоўчанку паказалі аперацыйную, дзе праводзяць аперацыі пры траўмах і цяжкіх прыроджаных і набытых дэфармацыях апорна-рухальнага апарату ў дзяцей.
Прэм'ер падзякаваў калектыву РНПЦ траўматалогіі і артапедыі за работу і павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Кіраўніку РНПЦ Міхаілу Герасіменку Раман Галоўчанка перадаў сертыфікат на закупку маторных сістэм, якія будуць выкарыстоўвацца для правядзення ў дзяцей і дарослых высокатэхналагічных хірургічных умяшанняў з мінімальнай рызыкай пашкоджання мяккіх тканак.
Навагодняя дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" штогод праходзіць у Беларусі з 1995 года. Мэта акцыі - аказаць дапамогу і падтрымку дзецям, якія маюць у іх асаблівую патрэбу. Прадстаўнікі органаў улады і грамадскіх аб'яднанняў наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы; апякунскія і прыёмныя сем'і; дзіцячыя дамы сямейнага тыпу; сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў; цэнтры развіваючага навучання і рэабілітацыі; дзіцячыя бальніцы. У сталіцы і ўсіх рэгіёнах арганізаваны навагоднія мерапрыемствы для дзяцей.