28 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Эквадорскі бок разлічвае на істотнае пашырэнне сувязей з Беларуссю. Упэўненасць у гэтым выказала старшыня Нацыянальнай асамблеі Эквадора Габрыэла Рывадэнэйра Бурбана на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік эквадорскага парламента перадала Аляксандру Лукашэнку самыя цёплыя пажаданні ад Прэзідэнта Эквадора Рафаэля Карэа, які чакае візіту беларускага лідара. "Спадзяёмся, у гэтым годзе візіт адбудзецца, і ён прынясе вялікі поспех нашым адносінам", - заўважыла Габрыэла Рывадэнэйра Бурбана.
"Прэзідэнт Карэа таксама папрасіў перадаць беларускаму народу самыя найлепшыя пажаданні ў сувязі з 70-годдзем Вялікай Перамогі. Беларускі народ вызначыўся стойкасцю і мужнасцю ў гады вайны, а цяпер шмат чаго дасягнуў у сваім мірным развіцці", - сказала старшыня Нацыянальнай асамблеі Эквадора. Яна таксама адзначыла, што палітыка ўсіх дзяржаў - членаў Руху недалучэння сугучна з палітыкай лацінаамерыканскіх краін, якія знаходзяцца ў пастаяннай барацьбе і адстойванні сваёй незалежнасці.
Акрамя таго, Габрыэла Рывадэнэйра Бурбана падкрэсліла важнасць развіцця міжпарламенцкіх кантактаў з беларускімі калегамі і паведаміла аб падпісаных важных двухбаковых дакументах.