31 сакавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Беларусь адыгрывае важную ролю ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам дырэктар Цэнтра еўрапейскіх рэформ палітолаг Чарльз Грант (Вялікабрытанія) перад сустрэчай групы экспертаў Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах з беларускімі парламентарыямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь адыгрывае важную ролю ў плане намаганняў па прымірэнні канфліктуючых бакоў ва Украіне. Многія людзі ў Еўрапейскім саюзе пазітыўна ацэньваюць гэтыя намаганні", - сказаў Чарльз Грант. Ён таксама адзначыў, што ў тым ліку гэтыя намаганні могуць дапамагчы развіць больш цесныя адносіны паміж ЕС і Беларуссю.
Адказваючы на пытанні журналістаў наконт таго, як змянілася стаўленне Еўрасаюза да Беларусі, эксперт сказаў, што ён прыехаў у рэспубліку ў складзе групы экспертаў, журналістаў і прадстаўнікоў афіцыйных структур, каб убачыць, якія існуюць магчымасці для паглыблення адносін. "Пасля таго, як узнік украінскі крызіс, думаю, некаторыя людзі ў Еўрасаюзе пачалі думаць стратэгічна. Развіццё больш цесных адносін з Беларуссю ў інтарэсах Еўрасаюза", - адзначыў эксперт.
Чарльз Грант адказаў на пытанні журналістаў адносна праекта "Усходняе партнёрства". Эксперт лічыць, што ў Еўрасаюзе настроены на ўнясенне змяненняў у гэту ініцыятыву або нават на яе перазагрузку. Паводле яго слоў, пасля таго як "Усходняе партнёрства" набудзе новы выгляд, з'явіцца шанц на развіццё новых адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
Дэлегацыя Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах прыбыла ў Беларусь, каб абмеркаваць, якім чынам Еўрапейскі саюз можа дапамагчы беларускаму боку, пасля таго як пачаўся канфлікт ва Украіне, з'явілася тэма санкцый у адносінах да Расіі. Як адзначыў Чарльз Грант, дапамога з боку ЕС можа быць тэхнічнай (у прыватнасці фінансавай). Другая важная тэма, якую эксперты абмяркоўваюць з прадстаўнікамі беларускага боку ў час гэтага візіту, - узаемадзеянне Еўрапейскага саюза і ЕАЭС.