31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай даручыў звязацца з кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і запрасіць у краіну іх спецыялістаў. З чым звязана такое даручэнне кіраўніка дзяржавы, карэспандэнту БЕЛТА расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.
"Гэта даручэнне звязана з тым, што мы цяпер жывём ва ўмовах у тым ліку і інфармацыйнага каранавіруса. Штодзённа і штогадзінна назіраем шматлікія спробы абвастрыць сітуацыю ў СМІ. Мы за ўсім сочым і бачым вельмі шмат размоў, спроб дэзынфармаваць людзей, выкарыстаць сітуацыю для таго, каб падарваць давер да ўлады", - заявіла Наталля Эйсмант.
"У першую чаргу для таго, каб зняць любыя абвінавачанні і паказаць, што мы нічога не ўтойваем, Прэзідэнт даручыў сёння старшыні Савета Рэспублікі неадкладна звязацца з кіраўніцтвам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і запрасіць сюды іх спецыялістаў. Прычым спецыялістаў, каманду, сфарміраваную на іх погляд, - расказала прэс-сакратар. - Гэтым спецыялістам будзе прапанавана ацаніць як работу сістэмы аховы здароўя ў цэлым, так і - падкрэсліваю - цяперашнюю сітуацыю, нашы механізмы процідзеяння самым небяспечным інфекцыям. Пасля гэтага эксперты дадуць публічную ацэнку ўбачанаму - адкрыта і непрадузята. Усё гэта робіцца для таго, каб у далейшым не было ніякіх крыватолкаў".