16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цяпер нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" развівае супрацоўніцтва з Індыяй, Кітаем і Расіяй, расказаў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі Юрый Аляксей напярэдадні 100-годдзя беларускага кінематографа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер мы развіваем супрацоўніцтва з Індыяй, Кітаем і Расіяй. Сёння да нас на студыю прыехалі прадстаўнікі Індыі. У жніўні мы падпісалі пагадненне, што яны будуць прадаваць нашу прадукцыю ў краінах хіндзі. Таксама прапрацоўваем магчымасць дубляжу нашых фільмаў", - растлумачыў Юрый Аляксей.
Паводле яго слоў, кінастудыя прыняла ўжо ўдзел у двух індыйскіх фестывалях: у чэрвені ў горадзе Мумбаі і ў лістападзе на Гоа, дзе кінастужка "Чорны замак" стала фільмам-адкрыццём.
"Акрамя таго, два індыйскія прадпрымальнікі ў кінавытворчасці заўтра прымуць удзел у мерапрыемстве, прысвечаным стагоддзю беларускага кіно. Мы хочам паказаць ім нашу студыю, прапрацаваць пытанне супрацоўніцтва. Можа, атрымаецца сумеснае кіно і з індусамі", - адзначыў Юрый Аляксей.
"З кітайцамі ў нас на гэты момант поўнасцю напісаны сцэнарый. Кітайскай Народнай Рэспублікай праведзены кастынгі. 1 лістапада прыязджала кітайская дэлегацыя на чале з першым намеснікам дырэктара Нацыянальнага ўпраўлення па справах кінематаграфіі Кітая. Яны паглядзелі нашу кінастудыю і прынялі сцэнарый на сваё зацвярджэнне. Сказалі, што яно зойме каля трох месяцаў. Думаю, у канцы студзеня я атрымаю адабрэнне і мы пачнём здымкі сумеснага фільма", - растлумачыў генеральны дырэктар кінастудыі.
Ён дадаў, што ўжо атрымана фінансаванне для работы над фільмам "Бацька Мінай. Партызанская легенда". Гэта сумесны праект "Беларусьфільма" і маскоўскай студыі "Ваенфільм". "Цяпер ідзе рэжысёрская распрацоўка. Мы прапрацоўваем усе неабходныя пытанні, падбіраем галоўных герояў, выбіраем лакацыі, хоць мы ўжо многае аб'ехалі. Мы таксама разглядаем некалькі іншых варыянтаў супрацоўніцтва з Расіяй, але калі будзем бачыць сцвярджальны адказ, тады і раскажам пра гэтыя праекты", - рэзюмаваў Юрый Аляксей.