24 красавіка, Мазыр /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Фестываль "Зямля пад белымі крыламі" - творчая лабараторыя, якая пашырае межы магчымасцей юных артыстаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшыня журы фестывалю, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча, прафесар, народны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Дрынеўскі да пачатку ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мерапрыемства.
Паводле яго слоў, фестываль - гэта своеасаблівая творчая лабараторыя, дзе юныя артысты могуць паказаць сябе, а таксама пераняць вопыт равеснікаў і многаму навучыцца, пашырыўшы тым самым межы сваіх магчымасцей. "Але галоўная заслуга конкурсу - умацаванне міжнароднай дружбы і культурных сувязей", - сказаў Міхаіл Дрынеўскі.
Міхаіл Дрынеўскі станоўча ацаніў патэнцыял юных артыстаў. "Мяркуючы па папярэднім праслухоўванні, у гэтым годзе сабраліся вельмі моцныя выканаўцы. Фестываль за час існавання зарэкамендаваў сябе так, што яго параўноўваюць з другім знакавым фестывалем рэспублікі - "Славянскім базарам". Слабыя артысты сюды проста не трапляюць", - падкрэсліў старшыня журы. Таксама Міхаіл Дрынеўскі адзначыў, што яго калегі высока ацанілі ўзровень арганізацыі фестывалю: канцэртныя залы, сцэна, асвятленне, гук - усё даведзена да дасканаласці.
23 красавіка на сцэне палаца культуры ААТ "Мазырскі НПЗ" (Мазыр, Гомельская вобласць) прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі", у якой прынялі удзел дэлегацыі ўсіх краін-канкурсантак.
У гэтым годзе ў дзіцячым творчым форуме, які праводзіцца ўжо дзявяты раз, удзельнічаюць больш за 400 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з Азербайджана, Румыніі, Украіны, Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы. Беларусь прадстаўляюць юныя артысты з усіх рэгіёнаў рэспублікі.
Фестываль прадоўжыцца да 27 красавіка. 24 красавіка пройдзе гасцявы канцэрт, у якім выступяць пераможцы і лаўрэаты фестываляў мінулых гадоў, удзельнікі дзіцячых творчых рэспубліканскіх праектаў. Конкурсныя праграмы адбудуцца 24 і 25 красавіка. Падвядзенне вынікаў, уручэнне дыпломаў, ушаноўванне пераможцаў і гала-канцэрт запланаваны на 26 красавіка.
Фестываль юных талентаў "Зямля пад белымі крыламі" арганізаваны ў 1998 годзе і праводзіцца раз у два гады. За час існавання дзіцячага конкурсу ў ім прынялі ўдзел амаль 4 тыс. таленавітых юных артыстаў.