3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе карціны конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік-2018" маюць высокі мастацкі ўзровень, адзначыла на цырымоніі адкрыцця конкурсу першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лістападзік" - адзін з самых цікавых і яркіх конкурсаў у праграме кінафестывалю "Лістапад". Ён дае магчымасць беларускаму гледачу сустрэцца з цікавымі фільмамі ў дні дзіцячага кіно. І хоць такое кіно разлічана на дзяцей і падлеткаў, але пры гэтым яно прымушае задумацца і прааналізаваць жыццё. У гэтым годзе будуць фільмы і вясёлыя, і сур'ёзныя, але ўсе яны маюць высокі мастацкі ўзровень, усе яны будуць прымушаць падрастаючае пакаленне разважаць, думаць, параўноўваць сваё жыццё і жыццё сваіх равеснікаў, разам з імі радавацца і сумаваць, атрымліваць яркія незабыўныя эмоцыі", - сказала Ірына Дрыга.
Старт конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік-2018" дадзены 3 лістапада ў сталічным кінатэатры "Піянер". Стужкай адкрыцця стаў пазаконкурсны фільм беларускага рэжысёра Ігара Чацверыкова "Правілы геймера".
У "Лiстападзiку" ў гэтым годзе прымаюць удзел шэсць карцін, якія прадстаўляюць такія краіны, як Італія, Казахстан, Кенія, Кітай, Сербія і Эстонія. Стужка закрыцця - бразільская анімацыйная карціна "Ціта і птушкі".
Паказы фільмаў "Лiстападзiка" пройдуць з 3 па 6 лістапада, а конкурс - з 3 па 5 лістапада.