17 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дзейнасць ЮНІСЕФ садзейнічае эфектыўнаму вырашэнню дзяржавамі важных пытанняў у інтарэсах дзяцей, у тым ліку доступу да адукацыі і паслуг аховы здароўя, зніжэнню дзіцячай смяротнасці. Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас 16 чэрвеня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку на штогадовай сесіі Выканаўчага савета Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Беларусь удзельнічае ў рабоце сесіі ў якасці паўнапраўнага члена Выканаўчага савета, у склад якога ўваходзяць 36 краін, што прадстаўляюць усе рэгіёны свету. Пастаянны прадстаўнік Беларусі прыняў удзел у абмеркаванні даклада выканаўчага дырэктара ЮНІСЕФ Энтані Лэйка аб выніках работы Фонду. Андрэй Дапкюнас станоўча ацаніў супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з Беларуссю ў сферы забеспячэння правоў дзіцяці, аховы мацярынства і дзяцінства, процідзеяння распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі сярод дзяцей і моладзі.
Беларускі дыпламат выказаў надзею на прадаўжэнне паспяховага ўзаемадзеяння Фонду з урадам краіны ў кантэксце рэалізацыі новай краінавай праграмы ЮНІСЕФ для Беларусі на 2016-2020 гады. Андрэй Дапкюнас таксама падкрэсліў, што адкрытасць, узаемаразуменне і канструктыўнае супрацоўніцтва паміж Фондам і дзяржавамі мае вырашальнае значэнне для абароны правоў і інтарэсаў дзяцей.