14 красавіка, Бішкек /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь з'яўляецца добрым прыкладам для Малдовы. Аб гэтым Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон заявіў сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Бішкеку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пра Беларусь у Малдове людзі вельмі добра ведаюць і зайздросцяць многім добрым рэчам і рэформам, якія адбываюцца ў вашай краіне. Вельмі часта прыводзяць у прыклад, што Беларусі ўдалося захаваць і тое добрае, што было ў савецкі час, і сельскую гаспадарку, і інфраструктурныя праекты. Для нас гэта з'яўляецца добрым прыкладам. Гавару гэта сумленна і адкрыта", - падкрэсліў Ігар Дадон.
Прэзідэнт Малдовы звярнуў увагу, што часта ставіць у прыклад Беларусь і заходнім партнёрам, якія перыядычна яе крытыкуюць. "Давайце рэальна паглядзім, што адбываецца ў эканоміцы Беларусі. Гэтым не могуць ганарыцца нават многія еўрапейскія краіны", - заявіў ён.
Ігар Дадон дадаў, што паміж Малдовай і Беларуссю склаліся добрыя дружалюбныя і брацкія двухбаковыя сувязі, дзяржавы актыўна развіваюць супрацоўніцтва па розных напрамках. "Я рады, што мы нарэшце асабіста пазнаёміліся, - адзначыў Прэзідэнт. - Думаю, што наша асабістая сустрэча - новы этап у нашых двухбаковых адносінах".
Прэзідэнт Малдовы сказаў, што ў ліпені разлічвае сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам ужо на тэрыторыі Беларусі і разам дэталёва абмеркаваць развіццё двухбаковых адносін, надаўшы новы імпульс іх развіццю.