5 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Абмен візітамі на вышэйшым узроўні садзейнічае паглыбленню кантактаў паміж Кітаем і Беларуссю, адзначыў намеснік міністра камерцыі Кітая, спецпрадстаўнік КНР па справах міжнародных перагавораў па гандлёвых пытаннях Чжун Шань 5 лістапада на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Чжун Шань будзе прадстаўляць Кітай на інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі. Ён перадаў кіраўніку беларускай дзяржавы найлепшыя пажаданні ад Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і павіншаваў з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Ён падкрэсліў, што Аляксандр Лукашэнка ўнёс важкі ўклад у развіццё эканомікі Беларусі. "Вы карыстаецеся глыбокай павагай і вялікай падтрымкай у насельніцтва", - заўважыў кітайскі прадстаўнік.
У гэтым годзе Старшыня КНР і Прэзідэнт Беларусі абмяняліся візітамі, што, паводле слоў Чжун Шаня, надало новы магутны імпульс развіццю беларуска-кітайскага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.
"Мой удзел у якасці спецпасланніка Старшыні КНР на інаўгурацыі Прэзідэнта Беларусі чарговы раз сведчыць аб вялікай увазе, якую Сі Цзіньпін удзяляе кітайска-беларускаму супрацоўніцтву, а таксама аб глыбокай дружбе з вамі", - сказаў Чжун Шань. Ён лічыць, што добрыя асабістыя адносіны паміж двума лідарамі маюць вялікае значэнне ў развіцці кантактаў паміж Рэспублікай Беларусь і КНР.