17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі супраць таго, каб бяздумна пераймаць замежны вопыт у сферы адукацыі. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам перад падагульняючай калегіяй Міністэрства адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Бузоўскі адзначыў, што краіна выбрала стратэгію, накіраваную на фарміраванне дзяржаўнасці, незалежнасці, у тым ліку сістэмы адукацыі. Некаторыя тэндэнцыі, прынятыя, напрыклад, у Еўропе, могуць прывесці да негатыўнага вопыту. "Бяздумнае прытрымліванне гэтых тэндэнцый невядома як паўплывае на сістэму адукацыі", - сказаў ён.
У Беларусі праводзіцца мэтанакіраваная работа па захаванні лепшых традыцый сістэмы адукацыі, лепшых напрацовак, звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі. У той жа час ён падтрымаў словы кіраўніка дзяржавы, які не раз выказваў пажаданне аб неабходнасці надання сістэме адукацыі больш энергічнага, дынамічнага, паступальнага руху. Неабходна рыхтаваць спецыялістаў, здольных рэагаваць на выклікі часу, для чаго, магчыма, неабходны прынцыпова новыя падыходы, адзначыў Ігар Бузоўскі.
На яго думку, у сістэме адукацыі важны комплексны падыход, які ўключае як вучэбны, так і выхаваўчы складнік. Захаванне лепшых традыцый, якія даюць магчымасць фарміраваць не проста адукаванага чалавека, а асобу, грамадзяніна, - гэта адна з асноўных задач сістэмы адукацыі, адзначыў Ігар Бузоўскі.
Калегія Міністэрства адукацыі прысвечана аналізу вынікаў работы ведамства ў 2015 годзе і пастаноўцы задач на 2016-ы.