2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на выгадныя эканамічныя праекты пасля атрымання Нацыянальным сходам статусу наглядальніка ў Лацінаамерыканскім парламенце. Аб гэтым заявіў сёння журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Віталь Бусько, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віталь Бусько адзначыў, што Лацінаамерыканскі парламент - аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае заканадаўчыя органы 23 дзяржаў. Між тым Беларусь ужо мае пэўныя эканамічныя напрацоўкі з асобнымі краінамі, што з'яўляюцца яе ўдзельнікамі (напрыклад, Эквадор і Куба). "Інакш кажучы ў нас ужо ёсць базавыя пляцоўкі, якія дапамогуць замацавацца ў рэгіёне", - лічыць парламентарый.
Удзел у рабоце асамблеі Лацінаамерыканскага парламента дае магчымасць, падключыўшы дыпламатычныя каналы, весці перагаворы непасрэдна з любым з кіраўнікоў парламентаў краін - членаў аб'яднання. "Вельмі добры прыклад, які нас натхняе, - гэта Міжпарламенцкая асамблея АСЕАН. У 2011 годзе Нацыянальны сход атрымаў пры ёй статус наглядальніка, і да гэтага часу ўсе спікеры парламентаў краін - членаў АСЕАН пабывалі ўжо ў Беларусі. Больш таго, В'етнам - адзін з актыўных членаў гэтага аб'яднання - заключыў пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з Еўразійскім эканамічным саюзам, удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь", - заўважыў дэпутат.
Ён выказаў меркаванне, што па такой схеме будзе выбудоўвацца работа і з Лацінаамерыканскім парламентам. "Мы запыталі ў кіраўніцтва (штаб-кватэра знаходзіцца ў Панаме) графік асноўных мерапрыемстваў на гэты і наступны год, і я лічу, што беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у рабоце бліжэйшай асамблеі Лацінаамерыканскага парламента. Такім чынам, пачнецца больш актыўны палітычны міжпарламенцкі працэс, які выльецца ў канкрэтныя эканамічныя праекты паміж намі і гэтым перспектыўным рэгіёнам", - сказаў старшыня пастаяннай камісіі.
Як паведамлялася, зварот у Лацінаамерыканскі парламент з просьбай атрымання статусу пастаяннага наглядальніка ў гэтай арганізацыі быў накіраваны Беларуссю ў 2014 годзе. За гэты час праведзена сур'ёзная работа па юрыдычным афармленні адпаведнага статусу. Вынікам стала падпісанне 28 сакавіка 2016 года пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным сходам і Лацінаамерыканскім парламентам.
У Палату прадстаўнікоў паступіла пісьмо генеральнага сакратара Лацінаамерыканскага парламента, што пацвярджае акрэдытацыю ў якасці пастаяннага наглядальніка пры розных яго органах.