2 лютага, Вена /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выбрала правераны часам праект АЭС, заявіў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік падраздзялення па распрацоўцы атамнай інфраструктуры МАГАТЭ Мілка Ковачаў, які займаў раней пасаду міністра энергетыкі Балгарыі.
"АЭС-2006 - гэта новае пакаленне рэактараў, якія цяпер прапануе Расія. Узвядзенне ажыццяўляецца па вопыце будаўніцтва станцый у Кітаі, Венгрыі. Таксама будуецца рэферэнтная Ленінградская АЭС у Расіі. Гэта добры падыход, калі выбраны апераджальныя тэхналогіі, якія правераны ўжо часам. Рэферэнтнасць - важная якасць гэтага праекта", - сказаў Мілка Ковачаў.
"Тое, што мы пачулі сёння з боку Міністэрства энергетыкі і кіраўніцтва БелАЭС, - вельмі глыбокі аналіз і вопыт, які ўжо набыла Беларусь у час рэалізацыі першага атамнага праекта. Гэта вельмі карысна для ўсіх удзельнікаў, для іншых краін-навічкоў. Паколькі Беларусь і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты апярэджваюць іншых навічкоў, яны ўжо будуюць станцыі. Вопыт такіх краін важны і для МАГАТЭ, і для іншых", - дадаў ён.
Мілка Ковачаў прымае ўдзел у штогадовай сесіі семінара МАГАТЭ па пытаннях развіцця ядзерна-энергетычнай інфраструктуры, які праходзіць 2-5 лютага ў штаб-кватэры агенцтва ў Вене. Беларусь выступае на ім у якасці "краіны ў фокусе".
Электрастанцыі тыпу АЭС-2006 - гэта праект новага пакалення "3+". У ім прымяняюцца ўнікальныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць не толькі павялічыць тэрмін службы асноўнага абсталявання атамнай станцыі да 60 гадоў, але і палепшыць характарыстыкі бяспекі і павысіць канкурэнтаздольнасць на рынку электраэнергіі. Праект вызначаецца шырокім прымяненнем пасіўных і актыўных сістэм бяспекі, а таксама нізкай адчувальнасцю да памылак персаналу.