23 лістапада, Брусель /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на ўстанаўленне больш цесных гандлёва-эканамічных адносін з краінамі Еўрасаюза. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які прыбыў у Брусель для ўдзелу ў саміце "Усходняга партнёрства", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы знаходзіліся ў цесным кантакце з нашымі еўрапейскімі партнёрамі ў перыяд падрыхтоўкі гэтага саміту, выказалі свае пажаданні. Пажаданні нашы заключаюцца ў тым, каб мець больш цесныя беспраблемныя гандлёва-эканамічныя кантакты, адносіны. Каб мець аблегчаны доступ да рынкаў краін Еўрасаюза. Мы зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы і ў тым, каб выкарыстоўваць вопыт ЕС ва ўдасканаленні эканамічнай сістэмы дзяржавы", - заявіў міністр.
Ён адзначыў, што ў бакоў ёсць і шэраг сумесных праектаў у гуманітарнай сферы, звязаных з развіццём мясцовага самакіравання, удасканаленнем грамадзянскай супольнасці, узаемадзеяннем дзяржавы і грамадства.
"Усе гэтыя пытанні адлюстраваны ў тых прыярытэтах партнёрства, якія цяпер абмяркоўваюцца бакамі і работа над якімі блізкая да завяршэння", - сказаў Уладзімір Макей.
Міністр лічыць, што саміт прадастаўляе добрую магчымасць для таго, каб выкласці падыходы Беларусі да сітуацыі ў рэгіёне, да развіцця светапарадку і існуючых у гэтым плане праблем.