14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка 2018 года. Аб гэтым гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі, паведамляе БЕЛТА."Тым самым сітуацыя ў Сірыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, які можа прывесці да далейшай некантралюемай эскалацыі, што выходзіць за рамкі рэгіёна", - адзначаецца ў заяве.
Беларусь заклікае ўсе ўцягнутыя бакі неадкладна спыніць прымяненне ваеннай сілы супраць іншых дзяржаў і шукаць шляхі ўрэгулявання канфліктаў мірнымі сродкамі за сталом перагавораў.
"Прымяненне забароненых відаў зброі масавага знішчэння не павінна заставацца без наступстваў. Аднак крокі ў адказ павінны грунтавацца на адназначных і правераных фактах і прымацца ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Ні адзін з гэтых крытэрыяў не быў выкананы тымі, хто сёння нанёс удар па Сірыі", - заявілі ў МЗС.
Арганізацыя па забароне хімічнай зброі павінна мець магчымасць тэрмінова праверыць інфармацыю аб прымяненні хімічнай зброі ў Сірыі і далажыць вынікі расследавання Савету Бяспекі ААН.
"Лічым, што ўсім членам Савета Бяспекі ААН трэба прыкласці максімальныя намаганні для выканання ўскладзенай на іх міжнароднай супольнасцю задачы па аднаўленні і падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі", - адзначылі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.