23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі прапануюць прыняць удзел у конкурсе на правядзенне чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы 2019 года. Такая магчымасць абмяркоўвалася сёння на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамашам Аянам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тамаш Аян праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі аб магчымасці арганізаваць чэмпіянат свету сярод дарослых у 2019 годзе. Гэтыя спаборніцтвы стануць кваліфікацыйным алімпійскім турнірам перад летняй Алімпіядай у Токіа 2020 года. Чакаецца, што прэтэндаваць на права правядзення ЧС будуць 4-5 краін.
"Калі Беларусь прыме ўдзел і выйграе, то гэта будзе добрае мерапрыемства", - адзначыў у размове з журналістамі Тамаш Аян. Акрамя таго, ён ацаніў як добрыя шанцы Беларусі атрымаць права на правядзенне юніёрскага, маладзёжнага ЧС па цяжкай атлетыцы, якія павінны прайсці ў бліжэйшыя гады.
Беларускі бок з удзячнасцю прыняў прапанову МФЦА. Верагоднасць таго, што Беларусь будзе прэтэндаваць на правядзенне гэтых прэстыжных спаборніцтваў, вялікая.
Акрамя таго, у наступным годзе ў краіне можа прайсці вялікая канферэнцыя, прысвечаная пытанням барацьбы з допінгам. Абмяркоўваючы гэту прапанову, Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь робіць і будзе рабіць яшчэ больш для падтрымання ўсіх міжнародных ініцыятыў у барацьбе з допінгам.