6 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Урэгуляванне ўкраінскага канфлікту - ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы сёння на 25-м пасяджэнні Савета міністраў АБСЕ ў Мілане, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.
"Некаторыя нават гавораць, што Данбас - гэта пытанне палітычнага парадку дня ў Еўропе. На жаль, апошнія падзеі выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць, - адзначыў кіраўнік беларускага МЗС. - З інцыдэнтам у Керчанскім праліве мы наблізіліся да вельмі небяспечнай рысы - поўнамаштабнага канфлікту. Гэта чырвоная лінія. За ёй - кропка незваротнасці".
"Ведаем добра з гісторыі, што ў мінулым такія інцыдэнты прыводзілі да сусветных войнаў", - дадаў Уладзімір Макей.
"Беларусь прадоўжыць прыкладаць максімум намаганняў па садзейнічанні вырашэнню гэтага крызісу, уключаючы забеспячэнне пляцоўкі для работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску. Гатовы канструктыўна падключацца да ўсіх сур'ёзных сцэнарыяў урэгулявання гэтага канфлікту", - заявіў міністр.
У ваенна-палітычнай сферы Беларусь падтрымлівае правядзенне інвентарызацыі асноўных міжурадавых супярэчнасцей, выяўленне зон і кропак напружанасці, якія могуць прывесці да перарастання ў адкрытыя ваенныя сутыкненні, павышэнне ваеннай транспарэнтнасці шляхам наладжвання сістэмы сігналізавання адзін аднаму аб патэнцыяльных пагрозах узнікнення канфлікту, аднаўленне афіцыйных і неафіцыйных каналаў камунікацыі паміж ваеннымі, вывучэнне вопыту прымянення рэгіянальных і лакальных мер даверу і бяспекі.
Міністр падкрэсліў, што Беларусь гатова прадаўжаць добрасумленна ставіцца да гэтага працэсу з мэтай зніжэння пагроз ваеннай канфрантацыі, стварэння ўмоў для аднаўлення даверу на еўрапейскім кантыненце. "На наш погляд, гэта лепшы адказ на так званую дылему бяспекі ў рэгіёне АБСЕ, калі дзеянні некаторых дзяржаў-удзельніц, накіраваныя на забеспячэнне іх уласнай бяспекі, на самай справе вядуць да пагаршэння бяспекі для ўсіх", - сказаў Уладзімір Макей.