20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія банкі змогуць выкарыстоўваць магчымасці тэхналогіі блокчэйн для ўзаемадзеяння на глабальным рынку, заявіў сёння журналістам старшыня праўлення ААТ "Белгазпрамбанк" Віктар Бабарыка перад пачаткам 3-й Міжнароднай канферэнцыі "Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі - 2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне, як Белгазпрамбанк ацэньвае перспектывы тэхналогіі блокчэйн і крыптавалют, Віктар Бабарыка нагадаў, што ў якасці плацежнага сродку ўнутры краіны крыптавалюта не разглядаецца. "З іншага боку на гэтым тыдні аптымістычна было сказана, што рэгуляванне выкарыстання крыптавалюты ў 2018 годзе будзе завершана. А значыць, мы зможам выкарыстоўваць і блокчэйн-тэхналогіі, і крыптавалюты як інструментарый узаемадзеяння на глабальным рынку - гэта самае важнае. Эканоміка глабалізуецца. І калі ўнутры краіны мы будзем выкарыстоўваць толькі беларускі рубель - нічога страшнага, галоўнае, каб далі магчымасць фінансавым інстытутам, а менавіта банкам, выкарыстоўваць крыптавалюту, выкарыстоўваць новыя магчымасці. Спадзяюся, гэта будзе зроблена, мы як банк да гэтага гатовы", - падкрэсліў ён.
Гаворачы пра пілотны праект Нацбанка, рэалізаваны з дапамогай тэхналогіі блокчэйн (рэестр банкаўскіх гарантый), Віктар Бабарыка адзначыў, што гэта добры трэнінг для банкаў.
"Мы гатовы працаваць з крыптавалютай і тэхналогіяй блокчэйн. Упэўнены, што ў наступным годзе нехта з беларускай фінансавай сферы выйдзе на рынак
ICO", - заявіў старшыня праўлення Белгазпрамбанка.Віктар Бабарыка звярнуў увагу, што канферэнцыя "Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі - 2017" праходзіць ужо трэці раз. "І важна разумець, што змяняюцца не толькі сама канферэнцыя і спікеры, але і краіна, аўдыторыя, якая нас слухае. За гэтыя тры гады мы прайшлі нядрэнны шлях ад аналізу ўсяго толькі адной сітуацыі, а менавіта краўд-прынцыпаў, да шырокага спектра пытанняў. І тут усё больш беларускіх спікераў, якія дастойна прадстаўляюць новыя тэхналогіі і новыя магчымасці", - канстатаваў ён.
Міжнародная канферэнцыя "Новая рэальнасць: выклікі для Беларусі - 2017" праходзіць у Мінску 20-21 кастрычніка. На мерапрыемстве чакаецца выступленне каля паўтара дзясятка ўласнікаў бізнесу і топ-менеджараў найбольш паспяховых праектаў, а таксама экспертаў з краін СНД (уключаючы Беларусь), Еўропы, ЗША. У першы дзень канферэнцыі будуць працаваць секцыі
Blockchain і Fintech, у другі дзень - AI & Machine Learning і Crowd Economy.