9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Недапушчальна, каб лёс Беларусі станавіўся заложнікам нечых амбіцый і карыслівых мэт. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, паведамляе БЕЛТА.
Гаворачы пра цяперашнюю сітуацыю, кіраўнік Палаты прадстаўнікоў лічыць, што ад усіх палітычных сіл і грамадскіх структур патрабуецца агульная адказнасць. "Яна ў інтарэсах кожнага з нас, у інтарэсах далейшага развіцця краіны. Ні ў якім разе недапушчальна, каб лёс Рэспублікі Беларусь станавіўся заложнікам нечых амбіцый і карыслівых мэт. Галоўнае для нас - захаваць эканоміку, вытворчасць, рабочыя месцы, мір і спакой у грамадстве", - падкрэсліў ён.
Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што за апошнія гады ў краіне адбылося нямала добрых пераўтварэнняў у розных сферах. Яны сталі вынікам агульнай працы, ініцыятывы і ўзважаных, дакладных кіраўніцкіх рашэнняў. "Пры ўсіх існуючых сёння праблемах нельга адмятаць, растоптваць дасягнутае і гнацца за прапанаванымі некім міражамі. Не знешнімі абяцанкамі, а толькі сваімі сіламі і стараннямі, майстэрствам і талентамі мы зможам прымнажаць дасягненні краіны", - лічыць спікер.
Шмат у чым вызначальнае значэнне набывае маладзёжная палітыка. Асабліва ў рэалізацыі перспектыўных эканамічных, сацыяльных, адукацыйных, навуковых, культурных і іншых праектаў і праграм. "У гэтым сэнсе ў працавітых, адукаваных, разумных маладых людзях, адказных грамадзянах Беларусі мы маем вельмі значны грамадскі і дзяржаўны рэсурс. Выкарыстоўваць яго каласальныя магчымасці можна толькі на хвалі пазітыўнай настроенасці. Трэба дакладна ведаць запатрабаванні ў розных сегментах маладзёжнага асяроддзя ў кантэксце запатрабаванняў грамадства і адказваць на іх", - падкрэсліў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
"Праведзеная электаральная кампанія паказала, што людзі хочуць, каб дзяржава заставалася сацыяльна справядлівай, каб просты чалавек з яго штодзённымі клопатамі і патрэбамі па-ранейшаму знаходзіўся ў цэнтры дзяржаўнай палітыкі, - адзначыў ён. - Дэпутаты парламента ўдзяляюць і будуць удзяляць гэтаму пытанню прыярытэтную ўвагу". Работа Палаты прадстаўнікоў у сваіх выбарчых акругах, з грамадскасцю накіравана перш за ўсё на пошук шляхоў вырашэння канкрэтных праблем, важных для людзей. Прадоўжыцца ўдасканаленне механізмаў зваротнай сувязі з грамадствам, каб яны былі яшчэ больш мабільнымі і дзейснымі, падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.