29 мая, Ісламабад /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пакістан праяўляе вялікую зацікаўленасць на ўсіх узроўнях да Беларусі. На гэты факт звярнула ўвагу міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у гутарцы з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтыя дні адкрываецца новая старонка ўзаемаадносін Беларусі і Пакістана, - лічыць міністр. - Мы бачым, што ў Пакістане вялікая зацікаўленасць на ўсіх узроўнях праяўляецца да нашай краіны, да візіту кіраўніка беларускай дзяржавы. Усе гэтыя дні прэса Пакістана актыўна асвятляла падзеі: і бізнес-форум, і візіт кіраўнікоў міністэрстваў, дзелавых колаў, профільных структур".
Лілія Ананіч расказала аб праведзенай гутарцы са спецыяльным прадстаўніком прэм'ер-міністра Пакістана па нацыянальным развіцці (федэральным міністрам) Ірфанам Сыдыкі, у час якой была ўзнята тэма важнасці інфармацыйнага ўзаемадзеяння. "Сёння для Пакістана актуальнай з'яўляецца пазітыўная, стваральная інфармацыя. Краіна актыўна накіроўвае свае позіркі ў Еўропу і бачыць Беларусь як астравок стабільнасці", - адзначыла міністр.
"Лічу, што мы павінны гэта цаніць, гэта падтрымліваць, гэтым ганарыцца. А для нашай краіны будзе адкрывацца такі вялікі, складаны, прыгожы свет, з якім Беларусь у гэтыя дні пабудавала магутную пляцоўку, платформу для далейшага партнёрства і дыялогу", - сказала Лілія Ананіч. "Эканоміка будзе рухацца толькі тады, калі краіны і народы будуць лепш разумець адзін аднаго", - дадала яна.