17 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-расійскія адносіны не схільныя да кан'юнктуры. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў на перагаворах з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Разлічваю, што сёння мы з вамі зможам абмеркаваць увесь комплекс пытанняў нашага двухбаковага парадку дня, каардынацыю дзеянняў нашых знешнепалітычных ведамстваў на міжнароднай арэне, сумеснае процістаянне і процідзеянне знешнім выклікам і пагрозам - пагрозам бяспецы, пагрозам эканамічным. Расійская Федэрацыя заўсёды была і застаецца важнейшым партнёрам, стратэгічным саюзнікам Рэспублікі Беларусь. Маючы трывалую гістарычную аснову, нашы братэрскія адносіны правераны часам і не схільныя да кан'юнктуры", - заявіў Сяргей Алейнік.
Міністр адзначыў, што беларуска-расійскае супрацоўніцтва вызначаецца шматпланавасцю і глыбінёй адносін літаральна ва ўсіх без выключэння сферах. "Значыць, гэта ўнікальны саюз, які нам удалося выбудаваць за мінулыя гады. І мы, вядома ж, прытрымліваемся паслядоўнай лініі на падтрымку беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, умацаванне інтэграцыйных працэсаў у эканамічнай, знешнепалітычнай, сацыяльнай сферах. І, вядома, нацэлены на актыўную сумесную работу з вамі, вашымі калегамі", - дадаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Знаходзячыся з афіцыйным візітам у Расіі, Сяргей Алейнік таксама правёў у Маскве сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнай думы і Савета Федэрацыі. Міністр высока ацаніў праведзеныя перагаворы. Яны, паводле яго слоў, пацвердзілі агульную нацэленасць падтрымліваць інтэграцыйныя працэсы ў Саюзнай дзяржаве і ўмацоўваць узаемадзеянне па розных напрамках.