3 мая, Баку /Кар. БЕЛТА/. Агульная моцная пазіцыя па гістарычнай памяці дасць магчымасць умацаваць інфармацыйны саюз СНД. Аб гэтым заявіла генеральны дырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч на 31-м пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў Садружнасці Незалежных Дзяржаў (Інфармсавет СНД) у Баку, паведамляе БЕЛТА.
"У краін СНД агульная гісторыя, агульная Перамога, і наша задача - захаваць і абараніць сваю гісторыю. У Беларусі захаванню гістарычнай праўды ўдзяляецца вялікая ўвага. У гэтым годзе мы адзначаем 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У краіне праводзіцца шэраг патрыятычных акцый і праектаў, такіх як "Месцы памяці", "Краіна герояў", "Ніхто не забыты, нішто не забыта", "Пасланне ветэрану", "Гісторыя Перамогі ў маёй сям'і", "Поезд Памяці". У 2023 годзе завяршылася маштабная рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу "Хатынь", на яго тэрыторыі адкрылася царква і экспазіцыя новага Музея памяці ахвяр беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта рэканструкцыя была аб'яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй", - расказала Ірына Акуловіч.
У краіне прадаўжаецца архіўна-даследчая работа па ўстанаўленні імёнаў, лёсаў, пошуку раней не вядомых месцаў пахаванняў загінулых у гады вайны. БЕЛТА ў супрацоўніцтве з дзяржорганамі таксама працуе над захаваннем гістарычнай праўды.
"У той час як у еўрапейскіх краінах цынічна разбураюць помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, робяць спробы гераізацыі нацысцкіх злачынцаў, у нашай краіне пачалася карпатлівая работа над аднаўленнем поўнай карціны таго, што адбывалася на акупіраванай захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў 1940-я. Факты зверстваў фашыстаў на тэрыторыі нашай краіны ў час акупацыі сталі асновай для ўзбуджэння ў красавіку 2021 года крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, - адзначыла гендырэктар. - Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Генеральная пракуратура запусцілі творчы праект, пранізаны скразной ідэяй генацыду, - "Апошнія звесткі". Унікальнасць у тым, што ён заснаваны на новых відэаматэрыялах, атрыманых следчымі Генпракуратуры".
У сувязі з асаблівай інфармацыйнай і ідэалагічнай значнасцю гэтых матэрыялаў, у тым ліку для выкрыцця розных калабарацыянісцкіх міфаў, Генеральная пракуратура і Беларускае тэлеграфнае агенцтва прынялі рашэнне аб выданні матэрыялаў праекта асобнай кнігай, падкрэсліла Ірына Акуловіч.
Міністэрства юстыцыі сумесна з БЕЛТА выдалі кнігу "Архівы. Нічога, акрамя праўды", у якой сабраны нарысы і малавядомыя архіўныя даныя па тэме генацыду беларускага народа. "Разам з супрацоўнікамі пракуратуры і архіва мы прайшлі па крывавым следзе фашыстаў, які яны пакінулі на нашай зямлі ў час акупацыі. І прадставілі ўнікальныя, раней не публікаваныя матэрыялы з архіваў, доказы сведкаў, фатаграфіі ваенных гадоў, на якіх адлюстраваны злачынствы нацыстаў, - дадала Ірына Акуловіч. - 6 ліпеня 2023 года кніга "Архівы. Нічога, акрамя праўды" была прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Рыхтуецца выданне асобнай кнігі з перакладам на нямецкую мову".
На пасяджэнні абмяркоўваліся сумесныя праекты краін СНД, прысвечаныя тэме ВАВ, захаванню гістарычнай праўды і 80-годдзю Перамогі.