4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Самыя маладыя артысты Белдзяржцырка Вераніка Рыбчонак і Максім Вінаградаў вярнуліся з залатой узнагародай дзясятага міжнароднага цыркавога фестывалю для дзяцей і юнацтва "Свет поўны цудаў-2016" (Рыга), паведамілі БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным цырку.
На суд міжнароднага журы і гледачоў Вераніка і Максім прадставілі нумар "Паветраныя гімнасты на палотнах". Трукі, якія выконваюць артысты на палотнах, выкарыстоўваюцца для работы на паветранай трапецыі. Таксама ў нумары выкарыстоўваюцца аўтарскія трукі ў спалучэнні з нестандартнымі камбінацыямі.
Артысты з'яўляюцца выпускнікамі заслужанага аматарскага калектыву, цыркавой студыі "Белая Русь" і зусім нядаўна сталі артыстамі Белдзяржцырка. Некалькі месяцаў зладжанай работы артыстаў і творчай каманды Белдзяржцырка пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра Алы Нікалаевай-Аліевай над стварэннем новага нумара прывялі да залатой узнагароды міжнароднага фестывалю ў Рызе.
Беларусы канкурыравалі з артыстамі з пяці краін - Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Італіі. Фестываль сабраў у Рызе больш за 50 юных артыстаў цырка.